Вёска Тонежскага сельсавета, цэнтр камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства "Іванава Слабада". Размешчана за 46 км на паўночны захад ад раённага цэнтра, за 55 км ад чыгуначнай станцыі Жыткавічы. Па пісьмовых крыніцах вядома ў XIX ст. як вёска Тонежскай воласці Мазырскага павета. У 1838 г. 15 двароў, 109 жыхароў. У 1909 г. вёска, 85 двароў, 607 жыхароў. У 1913 г. адкрыта народнае вучылішча. Паводле перапісу 1917 г. 106 двароў, 662 жыхары. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі на базе народнага вучылішча адкрыта працоўная школа 1-й ступені, дзе ў 1923 г. вучылася каля 40 дзяцей, працавалі настаўнікамі Алена Аляксандраўна Радзялоўская і Пётр Георгіевіч Панамароў. У 1940 г. 141 двор, 723 жыхары. У студзені 1943 г. нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі ўсю вёску і загубілі 9 жыхароў. У 1971 г. 271 двор, 1062 жыхары. У 1998 г. 246 двароў, 591 жыхар. Механічныя май-стэрні, лясніцтва. Базавая школа, Дом культуры, бібліятэка, Дом быту, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзя-ленне сувязі, 3 магазіны, аддзяленне ашчаднага банка "Беларусбанк". На 1.1.2001 г. 257 двароў, 592 жыхары.
Помнікі археалогіі. Могільнік-1. За 0,8 км на захад ад вёскі. 37 насыпаў вышынёй 0,6 - 1,7 м, дыяметрам 6 - 12 м. Могільнік-2. За 3 км на за-хад ад вёскі. 4 насыпы вышынёй 0,5 - 1,8 м, дыяметрам 5 - 12 м.
Абодва могільнікі абследаваў у 1976 г. П. Ф. Лысенка.