Вёска Бараўскога сельсавета, цэнтр калгаса імя М. I. Калініна. Размешчана за 12 км на паўднёвы захад ад раённага цэнтра, за 77 км ад чыгуначнай станцыі Ельск, на аўтамабільнай дарозе Лельчыцы - Глушкавічы. Па пісьмовых крыніцах вядома з пачатку XX ст. як хутар Лельчыцкай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні, 11 двароў, 72 жыхары. Згодна перапісу 1917 г. хутар, 15 двароў, 105 жыхароў. У 1940 г. вёска, 65 двароў, 310 жыхароў. У ліпені 1943 г. нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі ўсю вёску і загубілі 4 жыхароў.
У канцы 1942 г. - жніўні 1943 г. у вёсцы і навакольных лясах базіраваліся ўкраінскае партызанскае злучэнне А. Сабурава, славацкі партызанскі атрад Яна Налепкі, Лельчыцкая партызанская брыгада, Лельчыцкія падпольныя райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. 3 22.12.1959 г. цэнтр сельсавета. У 1998 г. 158 двароў, 395 жыхароў. Цагельны завод, лясніцтва, механічныя майстэрні. Базавая школа, клуб, бібліятэка, дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, магазін. На 1.1.2001 г. 153 двары, 374 жыхары.
Месца базіравання партызанскага злучэння А. М. Сабурава, партызанскага атрада Я. Налепкі, Лельчыцкіх падпольных райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, Лельчыцкай партызанскай брыгады.
У 1980 г. у гонар партызан злучэння А. М. Сабурава, славацкага атрада Я. Налепкі, Лельчыцкай партызанскай брыгады, Лельчыцкіх падпольных райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, якія базіраваліся ў вёсцы і наваколлі ў Вялікую Айчынную вайну, у цэнтры вёскі ўстаноўлены мемарыяльны знак.